Уільям Шэкспір/Санеты/66

З пляцоўкі Wikiquote
Перайсці да: рух, знайсці

Стамлёны ўсiм, я лепш сустрэў бы смерць,
Чым занядбаных бачыць жабраванне,
I здзек пустапарожнасцi цярпець,
I найчысцейшай праўды зневажанне,
I бачыць пыху ў залатых страях,
I цноту, згвалчаную хiжай сiлай,
I для бязглуздасцi пачэсны шлях,
I моц, якую немач паланiла,
I мастакоў нiзкапаклонны зброд,
I недарэк мастацтвазнаўцаў з iмi,
I iсцiну, якой затулен рот,
I зло, што верхаводзiць над усiмi.

Стамлёны ўсiм, сумую па труне.
Ды як жа друг мой будзе без мяне?

(Перакл. У. Дубоўкі, 1964)


Зняможаны, малю ратунку ў смерці,
Бо ходзіць варты долі ў жабраках,
І ўсё як ёсць нікчэмнасць прагне сцерці,
І вера ўся ў знявераных руках.

І ганьбу пакрывае пазалота,
І цноту грубасць на таргі вядзе,
І слаўная зняслаўлена істота,
І сілу немач ссільвае ў бядзе.

І затыкае рот мастацтву ўлада,
І цёмны вучыць, як знябыць імглу,
І праўда быць прасцячкай шчырай рада,
І годнае дабро слугуе злу.

Зняможаны, зірнуў бы ў вочы смерці,
Ды як любоў самотна жыцьме ў свеце?

(Перакл. Р. Барадуліна)