Максім Гарэцкі: Розніца паміж версіямі

З пляцоўкі Wikiquote
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Electron (размовы | уклад)
+cat.
Electron (размовы | уклад)
typo
Радок 48: Радок 48:
[[Катэгорыя:Крытыкі‎]]
[[Катэгорыя:Крытыкі‎]]
[[Катэгорыя:Ф‎алькларысты]]
[[Катэгорыя:Ф‎алькларысты]]
[[Катэгорыя:Літаратуразнавецы‎]]
[[Катэгорыя:Літаратуразнавцы‎]]
[[Катэгорыя:Лексікографы‎]]
[[Катэгорыя:Лексікографы‎]]
[[Катэгорыя:Беларусы]]
[[Катэгорыя:Беларусы]]

Версія ад 08:34, 2 студзеня 2013

Лагатып Вікіпедыі
Лагатып Вікіпедыі
Максім Іванавіч Гарэцкі

Максім Іванавіч Гарэцкі (1893 — 1938), беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, лексікограф, фалькларыст.

Выказванні Максіма Гарэцкага

  • У сэрцы маiм нешта прыемнае i хворае. Як шчырае каханне. Як каханне таго, хто шмат думаў. Спрадвечнае i тлен.
  • Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разбяром, а хто і тым і сім патроху. Мы ўсе ў гады прачнавання нашага розуму – рэфарматары нягоднага старога, будаўнікі лепшай сацыяльнасці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі, але часта-часта жыццё нічагусенькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары. ("Ціхая плынь")
  • Найдаражэй за ўсё на свеце ёсць воля. Воля – гэта ўсё. Воля – змысл нашага земнага існавання. ("Мутэрка")
  • Сардэчная хвароба – хвароба геніяў. ("Смачны заяц")
  • Так бывае з іншымі людзьмі, што не могуць яны памятаваць абы-якога матыву, абы-якога голасу ад першага разу, затое ж, калі мінуцца дні, тыдні й месяцы або й цэлыя гады, неўспадзеўкі, нечакана, з найменьшай прыгоды, маючай нейкае адношанне да мінулай пары, у вушох раптам ясна, выразна і з дэталічнасцю падобна загучыць той матыў, і запяець той голас, і збудзіць у душы абраз даўна пражытога часу, і выгукнець асабліва тонкія пачуцці. ("Дзве душы")
  • Кахаць, вучыцца і працаваць дзеля вызвалення Беларусі! (“Роднае карэнне”)
  • Маладыя, вучыцеся ад старых, як трэба жыць, як трэба ўкладаць мудрасць вякоў у свой кароткі зямны шлях – для маладога цёмны, невядомы і небяспечны. (“Угода богу”)
  • Чытай у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі. Споўніш гэты загад – у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. І ніякія думы чорныя не змогуць цябе. (“Роднае карэнне”)
  • Перш-наперш ёсць сумленны чалавек, а потым ужо чалавек такой-та нацыі, такой-та веры і гэтак далей. (“Мутэрка”)
  • Справа не ў скнарнасці, а ў тым, як чалавек зносіць тую сваю скнарнасць. (“Пабожны мешчанін”)
  • А што ж на свеце можа быць лепей за сяброўскую дзявочую ласку? Каханне вымагае мукі і няволі і выпіваецца, як чарка хмелю, – сяброўства з дзяўчынаю дае радасць і прыемны супакой. (“Меланхолія”)
  • Да паноў лаянка людзей ніжэйшых ніколі не прыстае. Яны яе не чуюць. Яна толькі потым адгукаецца, на кім трэба. (“Віленскія камунары”)
  • Пісаць – значыць працаваць дзеля людскога чытання. (“Рунь”)
  • Хто хоча жыць – няхай жыве, а хто памерці хоча – памрэ няхай… (“Рунь”)
  • Мой родны край, краса мая, з табою век не ў згодзе я… (“У лазні”)
  • Спачуццё шчаслівага да няшчаснага сфальшыфіла чыстую ў муках душу чалавека. (“Смачны заяц”)
  • Бяссільнасць пакрыўджанага – самае балючае пачуццё. Лягчэй можна дараваць крыўду індывідуальную, чым нацыянальную ці класавую. (“Спрэчкі”)
  • Ідэал, што хутка дасціглы – не вялікі ідэал… І наогул – дасціглы ідэал – не ідэал… (“Антон”)
  • І няма прыгожых перажыванняў. І калі ёсць пачаткі таго ў людской маладосці, дык надта паспешна загняцець іх бруд. Астанецца кляцьба, лаянка і злосць. (“Дзве душы”)
  • Калі нам хочацца смакаваць хараство ў абробленым па-мастацку каменю ці на палатне, дык чаму ж не палюбавацца на жывое, богам створанае жаночае хараство? (“Дзве душы”)
  • Як прыгожа, як цудоўна-люба, якое вялікае мастацтва ў кожнай драбязінцы з творчасці Вялікай Непазнаванай Сілы! Прыемна, люба, не страшна, а неспакойна… (“Што яно?”)
  • Эх, чалавек, чалавек! Усё роўна не дабіцца табе, адкуль усё і што яно… (“Рунь”)
  • Во і мучаецца чалавек – адкуля свет, адкуля што. Бога шукаць пачынае… Глядзіш: дыбаў, дыбаў чалавек па гэтаму каўзялю, – пасклізнуўся, заваліўся… І навука не паможа, зможа такога, бо прырода і навуку адолевае. (“Роднае карэнне”)
  • Колькі трэба, ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць. (“Роднае карэнне”)
  • О, вы – шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці! Няма рады ўсцерагчыся ад вас, бо схаваным ёсць ад людскога ведання, на які час вы прыпадаеце, калі вы прыходзіце і калі адыходзіце. А, мусіць, прыйдзе залатая пара, што перастане людское племя верыць у вас, і тады ўжо згіне ярмо, якое ўскладаеце вы дагэтуль на тое племя. (“У чым яго крыўда?”)
  • Цяжка, калі чалавек не мае прытульнага чалавека ў жыцці. (“Антон”)
  • Як ні спрачайся, – жывець кожны, як жывецца. (“Амерыканец”)
  • Ёсць той гатунак людзей-самавукаў, каторыя хоць і вялікай высакосці даходзяць у мастацтве, палітыцы ці абы-якой навуцы, але назаўсёды застаюцца з нейкай хібаю ў самым грунтоўным, а дзеля таго неўспадзеўкі і страшна лёгка зваліваюцца часам на самы дол чалавечай думкі. Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю веруюць у тое і другое. Багі іхнія любяць завадзіць сварку, скідаюць адзін аднаго з пасаду і робяць у галаве свайго паклонніка незвычайны сумбур. Багоў гэтых зазвычай надта многа, але бываюць часіны, што і няма нічога, вось тагды людзі такога гатунку і вырабляюць розныя неспадзеўныя штучкі. (“Дзве душы”)
  • Іншыя натуры, каб жыць далей і мець нейкі спакой, чуюць пільную патрэбу ў якасці і добрай цямнасці ўва ўсім, што ёсць навакол, і таксама ў сваім жыцці за астатнія, пасля такога ж уразумення час. Гэтакіх натур найболей сярод славянаў і народаў Усхаду. Яны патрабуюць нейкага здавальнення і спакою духу ў адносінах да ўсяго, што ёсць і што дзеецца на свеце. Час ад часу проста карціць ім упарадкаваць думкі свае – гэта азначае: хоць і не развязаць спрадвечнага пытання: “Адкуля ўсё і што яно?” – дык хоць супакоіць сябе, падумаўшы, палетуцеўшы і ізноў набраўшыся яснасці ў поглядах на спрадвечна няяснае. З аднаго боку гэта выглядае патрэбным чалавеку падрахункам, а з другога боку – непатрэбнай і шкоднай штукай у такую пару, калі “грошы – час”. (“Дзве душы”)
  • У чалавека павінны быць дзве роўныя часткі: цвёрдая і мяккая. У немца гэта якраз палавінкі. У другіх народаў – як калі. А ў славяніна мяккая часць залішне вялікая на кошт цвёрдай, дужа залішне. (“Амерыканец”)
  • У чалавека дзве часці: душа і цела. У славяніна дух за цела і толькі. А пражыццё… Здолеюць некалі і яны жыць практычна… (“Амерыканец”)
  • Можа, калі-небудзь і аба ўсём, што каля нас незразумелага, даведаюцца людзі. Бог ведае… Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю – гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавецкага жыцця… Прапалі б людзі. (“Роднае карэнне”)
  • Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай ні шукай. І шчасліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваннем жыцця або хто бадайшто не думае аб гэтых “шалёных” пытаннях, ці ў беганні за кавалкам хлеба забывае аб іх, шчасліў ён. І гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць на адзін момант, адным вокам зірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях – смерць. (“Роднае карэнне”)
  • Як, у істоце, усё каля нас дзіўна, няясна… Навука? Што ж навука? Яна, скажам, дае малюпаценькія адказы, якім парадкам робіцца што ў прыродзе. Ну і ўсё. Наўчоныя людзі падлічылі, колькі важыць зямля, ці далёка ад зямлі месяц, сонца; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць планеты, а няхай дадуць яны адказ, хто пусціў іх у гэткі гарманічны ход, няхай яны знойдуць першапрычыну ўсякае істоты. Навука ведае, што за жывучкі, неўгледныя простым вокам, робяць хваробы, яна ведае, што ўжываюць клетачкі, з каторых складаюцца людзі, жывёла, расліны, але што ж?… Не, навука ніколі не дасць, бо не можа даць, адказу на праклятыя пытанні. Ды ў яе і цэль зусім іншая. (“Роднае карэнне”)
  • У нашы часы могуць жыць у творчасці толькі фанатыкі з правага ці левага боку. Вялікі сум нашых дум перавышае патрэбу тварыць. (“Ідуць усе – іду я…”)
  • Людзей прадпрыімлівых, рухавых і здольных душыць жыццё абчэственнае. (“Роднае карэнне”)
  • Эх! Пайсці і сілу сваю на ўвесь свет паказаць, прагнаць крыўдзіцеляў, вытурыць іх ад людзей бедных, шчырых, змірных і пакорліва-прыяючых, людзей родных і балюча скрыўджаных. І добра на зямельцы будзе ўсім! Усе родныя, радыя, усе дужыя, ладныя. (“Роднае карэнне”)