Сяргей Навумчык

З пляцоўкі Wikiquote
Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
Сяргей Ёсіфавіч Навумчык.
Нараджэнне
15 сьнежня 1961
Паставы, БССР, СССР

Грамадзянства
Беларусь
Род дзейнасці
журналіст

Сяргей Ёсіфавіч Навумчык (15 сьнежня 1961, Паставы, БССР, СССР) — беларускі журналіст і палітык. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ скліканьня.

Выказванні[правіць]

  •  

З кабінэту прэзыдэнта Акадэміі навук Платонава ўсе пайшлі ў актавую залю. «Усе» — гэта Гарбачоў, Дземянцей, першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў і другі сакратар Аляксей Камай, першы віцэ-прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч (Кебіч у тыя дні быў у замежжы), мэр Менску Герасіменка, сам Платонаў і яшчэ некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў. Уся гэтая публіка накіравалася ў прэзыдыюм, дзе, натуральна, месца для мяне не было».
Цяпер думаю: а варта было б сесьці побач зь Міхаілам Сяргеевічам! Ніхто б не сагнаў. А публіка ў залі «запаважала» б БНФ — беларусы шануюць начальства, акадэмікі і «творчая інтэлігенцыя» — не выключэньне.
Але я ня ведаў, што мне выпадзе роля больш прыкметная.[1]

  •  

Усе месцы былі занятыя, людзі стаялі нават каля сьценаў, але першы шэраг крэслаў быў пусты (пэўна, «па інструкцыі» пакінулі для аховы). Па цэнтры гэтага першага шэрагу сядзеў толькі намесьнік міністра ўнутраных спраў Канстанцін Платонаў, мой віцебскі зямляк і стары знаёмы. — Сядай побач! — прапанаваў Канстанцін Міхайлавіч, і я пагадзіўся. Нашыя крэслы былі насупраць трыбуны, за якія-небудзь тры мэтры.
Хутка генэрал пашкадаваў пра сваю прапанову. Ужо зь першых хвілінаў сваёй прамовы Гарбачоў пачаў разносіць «дэмакратаў», «нацыяналістаў», якія «тут нам падкідваюць», хочуць «дэстабілізаваць абстаноўку і разваліць Саюз. Не атрымаецца!» Пры гэтым Міхаіл Сяргеевіч наўпрост паказваў на мяне. Вядома ж, ніякай «пэрсаніфікацыі» тут не было, гэта атрымалася абсалютна выпадкова — я сядзеў насупраць, і быў адзіным чалавекам у залі зь бел-чырвона-белым значком (побач з дэпутацкім). Як той казаў, падвярнуўся пад руку. Тады я ня ведаў, што ідзе прамая тэлевізійная трансьляцыя, і ў момант, калі Гарбачоў прамаўляў свае філіпікі, апэратар некалькі разоў «наяж­джаў» камэрай буйным плянам на мой бел-чырвона-белы значок. Трансьляцыя была на ўвесь СССР, і яшчэ доўга радня і проста знаёмыя прыгадвалі мне «прачуханку» ад Гарбачова. А цешча ў Глуску адразу кінулася званіць маёй маці ў Віцебск (хатняга тэлефона ў Менску ў нас яшчэ не было) і пытацца, ці ня могуць мяне арыштаваць. Вядома, у былыя часы той, на каго абурана паказваў пальцам генсек, выпраўляўся далёка. Звычайна — туды, адкуль не вяртаюцца. Але час быў іншы (у чым у немалой ступені заслуга і самога Гарбачова).
Платонаў побач са мной сядзеў чырвоны. Дземянцей у прэзыдыюме сьмяяўся і падміргваў, Камай весяліўся і нешта шаптаў суседу, паказваючы на мяне пальцам. Самым задаволеным выглядаў Малафееў — ня першы год ЦК КПБ папярэджваў Крэмль пра небясьпеку «дэмакратаў», і вось, нарэшце, голас пачуты.[1]

  •  

Увосень 1996-га ў Нью-Ёрку ў мяне зьявілася магчымасьць выказаць Гарбачову думку, што замест таго, каб перадаверыцца пракамуністычнаму кіраўніцтву Беларусі і іншых рэспублік, яму варта было наладзіць наўпроставы кантакт зь лідэрамі народных дэмакратычных рухаў, у Беларусі — з Пазьняком, ва Ўкраіне — з Чарнавілам... Зрэшты, гэта ўжо б мала што зьмяніла ў лёсе імпэрыі — хіба што зрабіла б яе распад больш цывілізаваным. У тыя дні Гарбачоў прэзэнтаваў у ЗША кнігу сваіх мэмуараў, чарга па яе ў кнігарні «Barnes & Noble» на Пятай авэню абгінала квартал.
...Калі ацэньваць палітыка паводле прынцыпу «што ён зрабіў» — дык відавочна, што Гарбачоў, жадаючы таго ці не жадаючы, даў першыя глыткі свабоды, і грамадзтва пачало дыхаць (праўда, усё часьцей не ва ўнісон з генсекам). Калі ж пры­знаць, што і невыкарыстаньне магчымасьцяў павінна быць крытэрыем ацэнкі палітыка — дык, бясспрэчна, у 1991 годзе Гарбачоў мог, пры жаданьні, пагадзіцца на прапановы ўжыць усе сілавыя сродкі для ўтрыманьня рэспублік у імпэрыі, і колькасьць ахвяраў была б шматкроць большая, чым на плошчы Цяньаньмэнь альбо ў Югаславіі. Мог, але не пагадзіўся на гэта.[1]

  •  

А жывыя людзі ў Авальнай залі — мяняліся, тысячы дэпутатаў за шэсьць дзесяцігодзьдзяў — і сталінскія наркамы, і камісары НКВД, і былыя камандзіры партызанскіх атрадаў, і партыйныя сакратары, і генэралы, кіраўнікі буйных і дробных заводаў, дырэктары саўгасаў, зваршчыкі, даяркі, акторы, шоферы, мастакі, сьвінаркі, акадэмікі, ткачыхі, паэты... Розных прафэсіяў людзі — але адно агульнае: галасавалі на загад. І загад ішоў не ад тых, хто сядзеў у прэзыдыюме — а ад гаспадара Крамля, чый барэльеф доўгі час знаходзіўся ў цэнтры залі. Потым Сталіна замянілі на Леніна, але, як і раней, усё дыктавала Масква. І не маглі запярэчыць ні дэпутат Янка Купала, ні дэпутат Якуб Колас...[1]

  •  

Беларуская незалежнасьць ў пачатку 1990-ых не была ў інтарэсах Захаду, і ў гэтай кнізе чытач ня знойдзе словаў падтрымкі ідэі дзяржаўнасьці з боку заходніх палітыкаў — у 1991 годзе яны не прагучалі. Ня мела гэтая ідэя і падтрымкі і ў Расеі, у тым ліку і ад тых, хто адносіў сябе да дэмакратаў. Але ў пэўны момант нашыя памкненьні супалі з інтарэсамі ўсходніх суседзяў — і мы былі гатовыя да таго, каб скарыстаць спрыяльныя абставіны.[1]

  •  

А раніцай 24 жніўня людзей на плошчы зноў сабралася некалькі тысячаў. Дэпутаты ішлі на сэ­сію ўздоўж транспарантаў з заклікамі пра адстаўку Дземянцея, пра забарону КПБ-КПСС, пра поўную незалежнасьць і выбары новага Вярхоўнага Савету. На плошчу вывелі прамую трансьляцыю, была і радыётрансьляцыя на ўсю Беларусь — і калі ў пачатку сэсіі дэпутацкая большасьць не пажадала ўключаць у парадак дня прапанову Апазыцыі БНФ пра незалежнасьць, мы ад мікрафонаў зьвярнуліся наўпрост да жыхароў Менску: прыходзьце, нам патрэбна вашая падтрымка! Праз гадзіну ўся плошча, здавалася, была запоўненая людзьмі. Але на наступны дзень, 25 жніўня, прыйшло людзей яшчэ болей — і гэты шум плошчы даходзіў праз вокны і дзьверы ў Авальную залю. Камуністы вельмі баяліся, што плошча сфармуе «нацыянальную гвардыю», якая ўвойдзе ў залю пасяджэньняў і падмацуе парлямэнцкія выступы дэпутатаў БНФ непарлямэнцкімі аргумэнтамі.
Увечары 25 жніўня, калі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў нарэшце нададзены канстытуцыйны статус, людзі на плошчы сьвяткавалі перамогу, і гэта ім Пётра Садоўскі сьпяваў песьню на верш Янкі Купалы. Кожны з тых, хто прыходзіў у 1991-ым на плошчу — прыходзіў рабіць гісторыю. І разам мы зрабілі Беларусь незалежнай.[1]

  •  

У гісторыі 1991-шы застанецца годам, калі ажыцьцявіліся мары тых, чые выявы, магчыма, калі-небудзь зьявяцца ў фае Дому ўраду — Тадэвуша Рэйтана, Тадэвуша Касьцюшкі, Эміліі Плятэр, Кастуся Каліноўскага, стваральнікаў БНР ды іх паплечнікаў....
Мары, якая не згасала ў стагодзьдзях і за якія тысячы беларусаў аддалі свае жыцьці. На шчасьце, зьдзейсьніць гэтую мару актывістам БНФ удалося бяскроўна, хаця і вялізнымі намаганьнямі.[1]

  •  

Разам з гэтымі людзьмі на плошчы нам пашэнціць вырашаць лёс Беларусі. І праз шмат гадоў мы зразумеем, што падзеі 1991 году — нягледзячы на ўсё, што здарыцца ў нашых лёсах пазьней — і былі ў нашым жыцьці самым галоўным.[1]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013. 536 с.: іл.

Спасылкі[правіць]