Кастрычніцкі пераварот
Кастры́чніцкі пераварот (поўная афіцыйная назва ў СССР — Вялі́кая Кастры́чніцкая сацыялісты́чная рэвалю́цыя) — дзяржаўны пераварот, які адбыўся ў Петраградзе 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года, у выніку чаго быў звергнуты Часовы ўрад Керанскага і да ўлады прыйшоў урад, сфармаваны ў выніку ІІ Усерасійскага з’езду Саветаў.
Цытаты пра пераварот
[правіць]Магутным рухам народаў Расіі зруйнаваны муры маскоўскага царызму. Усе народы выйшлі на волю. Тым часам расійцы па-своему зразумелі значэньне перавароту. Сучаснасьць нам сьведчыць, што шырокія масы маскоўскай дэмакратыі падсьвядома жадалі таго, проці чаго паўсталі. Вырваўшыся за дапамогай паднявольных суседзяў з кайданаў раманаўскага самадзяржавія, гэта цёмная маскоўская маса захапіла ў свае рукі ўладу, уселася гаспадарыць на царскае месца і бушуе, як істы дзікар, ап’янелы воляй і нестрымаласьцю. Сама інтэлігенцыя гэтай масы пераняла ўсе звычкі і забабоны старога рэжыму і праз свае камітэты, рады і арганізацыі, апіраючыся на моц кулака, робіць арышты, карае сьмерцю, садзіць у турмы, зачыняе газэты, накладае цэнзуру, рэквізуе друкарні. Якраз учыняецца тое, з чым людзі змагаліся, дзеля чаго ішлі яны ў турмы, астрогі, на шыбеніцы. Расійскае грамадзянства ў агуле сваём не разумее заданьняў маменту і нават не здольна разгледзець здалёк той страшэннай багны, каторая пасуваецца з шалёнай шпаркасьцю. Велікаруская нацыя, не гледзячы на сваё нацыянальнае панаваньне і дзякуючы гэтаму панаваньню, не мае не толькі нацыянальнага, а нават племяннога, сваяцкага пачуцьця. Яна, бачыш, вышэй за гэта і пустэлю свайго нацыянальнага пачуцьця запаўняе пустым зыкам касмапалітызму. Разуменьне дзяржаўнасьці для яе не існуе, гэта «хітрая выдумка буржуазіі» — яна разумее дзяржаўнасьць Іаана Грознага. І, складаючы большасьць насяленьня ў дзяржаве, яна становіцца страшэнна шкадлівай, разносячы заразу свайго разьгільдзяйства з цэнтра на акраіны. Прыцягваючы па закону большасьці малыя элемэнты, яна пасувае іх на загібель і ганебныя ўчынкі... | |
— Язэп Лёсік, 1917 год |
- — Язэп Лёсік. Расійскае бязладдзе. «Вольная Беларусь», 15 кастрычніка 1917 г.
Бальшавізм спакусіў цёмныя, несьвядомыя масы моцнымі абяцанкамі скончыць вайну, надарыць зямлёю, накарміць галодных, усьцешыць бяздольных, прыпыніць калатніну, устанавіць парадак. Тым часам, нічога гэтага ён зрабіць не здолее, і хутка ўсе адхіснуцца ад яго. Тагды ўрад Леніна — Троцкага разваліцца, як папяровая хатка,— гэта напэўна. Многа нарабіў шкоды бальшавізм, а яшчэ большая небясьпека чакае нас наперадзе... Ратунку ад контррэвалюцыі трэба шукаць у нацыянальным адбудаваньні свайго жыцьця. Фінляндзія гэта зразумела даўно, а братняя нам Украіна зрабіла гэта апошнімі днямі, абвясьціўшы Ўкраінскую Рэспубліку.[2] | |
— Язэп Лёсік, 1917 год |
- — Язэп Лёсік. Скуткі бальшавіцкага паўстання. «Вольная Беларусь», 19 лістапада 1917 г.
Глядзіце таксама
[правіць]Зноскі
- ↑ Язэп Лёсік. Расійскае бязладдзе. «Вольная Беларусь», 15 кастрычніка 1917 г.
- ↑ Язэп Лёсік. Скуткі бальшавіцкага паўстання. «Вольная Беларусь», 19 лістапада 1917 г.